Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.Яўгенія Янішчыц
Міжнародны дзень роднай мовы – гэта не толькі нагода для свята, але і магчымасць задумацца пра важнасць моўнай разнастайнасці ў нашым свеце. Кожны з нас можа ўнесці свой уклад у захаванне і папулярызацыю роднай мовы, забяспечваючы тым самым захаванне багацця культурнай спадчыны чалавецтва.
Дзень роднай мовы ўжо традыцыйна адзначаецца ў нашай установе адукацыі. Сёлета, 20 лютага 2026 года, выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры Аляшкевіч Наталля Аляксандраўна і Казлова Іна Рыгораўна правялі для навучэнцаў вучэбных груп Э 2-2, Э 2-3, О 1-1 інтэрактыўную гульню “Сэрцам роднага слова краніся”.




Гульня складалася з пяці прыпынкаў: “Самы кемлівы”, “Загадкі”, “Прадоўжы твор”, “Этнаграфічны”, “Лінгвістычны”. Яна атрымалася цікавай, яркай, пазнавальнай, дынамічнай. У кабінеце панаваў сапраўдны дух спаборніцтва.
У ходзе мерапрыемства маладыя людзі праявілі вялікую цікавасць да роднай мовы і культуры, прадэманстравалі веданне фальклору, этнаграфіі, паэзіі, папоўнілі свой слоўнікавы запас.
Памятайце: наша мова – гэта наш гонар! Любіце, паважайце і шануйце яе, нашу родную!
