11 лістапада 2023 года навучэнцы груп Э 2-1 і Э 2-3 пад кіраўніцтвам выкладчыкаў каледжа Аляшкевіч Н.А., Прахарэнка І.Р. наведалі Гомельскую абласную ўніверсальную бібліятэку імя У.І. Леніна.
Народны аматарскі тэатр «Грачи», у якім прымаюць удзел толькі супрацоўнікі абласной бібліятэкі, прадставіў увазе навучэнцаў спектакль «Трыбунал» па трагікамедыі знакамітага земляка, народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка (1920–1982). Пастаноўка спектакля прымеркавана да дня нараджэння класіка беларускай драматургіі і 80-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дзеянне спектакля «Трыбунал» адбываецца ў цяжкі ваенны час, падчас варожай акупацыі роднай зямлі. Навучэнцы ўважліва сачылі за развіццём падзей, суперажывалі героям, бо яны апынуліся перад няпростым выбарам.
Цярэшка Калабок у п’есе пастаўлены ў складанае становішча: па-першае, дапамога партызанам (па заданню камандзіра партызанскага атрада ён становіцца старастам), па-другое, патрэбна яшчэ і «верна» служыць ворагу, па-трэцяе, пастарацца пераканаць жонку і дзяцей у тым, што іх бацька — не здраднік, не фашысцкі прыслужнік.
Артысты паказалі высокае майстэрства, дакладна раскрыўшы сюжэт і вобразы драматычнага твора, трагізм вайны. Несумненна, навучэнцы засталіся пад вялікім уражаннем ад спектакля. Вялікі дзякуй супрацоўнікам бібліятэкі за магчымасць у чарговы раз далучыцца да патрыятычнай літаратурнай спадчыны нашага народа.