Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага.
У розных краінах свету, у розных установах Беларусі ў гэты дзень прайшлі тэматычныя мерапрыемствы ў гонар Дня роднай мовы. Наш каледж і ў гэтым годзе не стаў выключэннем.
Куратары вучэбных груп правялі куратарскія і інфармацыйныя гадзіны, прымеркаваныя да гэтай цудоўнай даты. З самага ранку і пад час перапынкаў у кабінеце беларускай мовы і літаратуры ліліся песні на нашай прыгожай і мілагучнай беларускай мове. У навучэнцаў была магчымасць прайсці Вэб – КВЭСТ “Падарожжа ў родную мову”, а таксама паспрабаваць свае сілы ў КВІЗе “Беларускія прыказкі і прымаўкі”.
Навучэнцы групы М 2-1 на чале з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Аляшкевіч Н.А. атрымалі запрашэнне ад супрацоўнікаў Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна адсвяткаваць гэты знамянальны дзень разам.
У падлеткаў надарылася цудоўная магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Сябры роднай мовы”.
У ходзе гульні навучэнцы адкрылі для сябе некаторыя цікавыя факты пра беларускую мову, былі вельмі актыўнымі яе ўдзельнікамі. Праявілі сябе сапраўднымі аматарамі роднай мовы, эрудзіраванымі маладымі людзьмі, якія ведаюць імёны яркіх гістарычных асоб, фальклор і творы беларускіх аўтараў. Сапраўды, гульня атрымалася пазнавальнай, яркай, дынамічнай і цікавай.
21 лютага – гэта цудоўная нагода для кожнага беларуса задумацца аб лёсе нашай мовы, тым багацці і спадчыне, што дасталіся нам ад продкаў. Нават калі вы не размаўляеце на беларускай мове штодня, ведаць яе і паважаць мусіць кожны патрыёт нашай краіны.