Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Для нашага ліцэя ўжо стала традыцыйным штогод святкаваць Дзень роднай мовы. З нагоды гэтага цудоўнага свята, 100-гадовага юбілею любімых пісьменнікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна, у рамках супрацоўніцтва з Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай 18 лютага 2021 года супрацоўнікі агульнай чытальнай залы бібліятэкі пад кіраўніцтвам загадчыка  Мяшковай Ганны Барысаўны і выкладчыкі ліцэя Аляшкевіч Наталля Аляксандраўна і Прахарэнка Ірына Рыгораўна наладзілі сумеснае мерапрыемства — інтэлектуальную гульню-віктарыну “Вандроўка па родным краі” для навучэнцаў груп 2 курса Э 2-1 і Э 2-2.

Сапраўдная напружаная барацьба разгарнулася паміж камандамі “Бульбашы” (Э 2-1) і “Гусляры” (Э 2-2). Рабятам давялося успомніць шмат беларускіх найменняў, прыказак і прымавак; па партрэтах устанавіць асобы знакамітых людзей Беларусі (Барбары Радзівіл, Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, Ф. Скарыны, К. Тураўскага, Я. Купалы, М. Багадановіча, І. Мележа, І. Шамякіна), прадэманстраваць веды пра іх жыццё і дзейнасць. Гульцы нават паспрабавалі свае сілы ў напісанні невялічкіх апавяданняў на беларускай мове.

Своеасаблівы ўзнёслы настрой святу надала супрацоўніца бібліятэкі Таццяна Алегаўна Дземідзенка, з вуснаў якой ліліся цудоўныя песні на пяшчотнай, мілагучнай беларускай мове. Віншуем каманду “Гусляры” з перамогай!!! Падарункі на памяць аб гэтай незабыўнай сустрэчы атрымалі абедзве каманды.

Мы ўпэўнены, што ўсе прысутныя атрымалі вялікае задавальненне ад таго, што ў чарговы раз змаглі дакрануцца да сваёй гісторыі, сваіх каранёў, паразмаўляць на роднай мове.

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць. Дык давайце ж не дазволім загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”,  цудоўнай беларускай мове!

Беларускія дзеячы пра родную мову:

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)

 

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я.Колас)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я.Колас)

Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І.Мележ)

Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы. (Г.Бураўкін)

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў. (У.Караткевіч)